ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)